ІНСТЫТУ́Т ЭКСПЕРЫМЕНТА́ЛЬНАЙ БАТА́НІКІ імя В.Ф.Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску як Ін-т біял. навук на базе кафедраў батанікі, заалогіі і эксперым. біялогіі АН Беларусі (у 1947—63 Ін-т біялогіі, 1963—65 Ін-т эксперым. батанікі і мікрабіялогіі, 1966—72 Ін-т эксперым. батанікі, з 1972 сучасная назва). Лабараторыі (1998): біяхіміі і біятэхналогіі раслін, воднага рэжыму фітацэнозаў, геабатанікі, мікалогіі, аптымізацыі прадукцыйнасці аграфітацэнозаў, глебавай энзімалогіі, прадукцыйнасці і ўстойлівасці лясных экасістэм. радыеэкалогіі раслін, росту і развіцця раслін, фізіялогіі хворай расліны, флоры і сістэматыкі раслін, фотасінтэзу. Аспірантура (з 1963), дактарантура (з 1989).
Асн. кірункі навук. даследаванняў: біял. асновы аднаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы расліннага покрыва; радыеэкалогія прыродных раслінных комплексаў; фізіёлага-біял. асновы павышэння прадукцыйнасці і ўстойлівасці раслін. Вынікі даследаванняў: абгрунтавана новая стратэгія захавання біял. разнастайнасці флоры Беларусі ва ўмовах сучаснага экалагічнага становішча на аснове стварэння сеткі нац. паркаў і інш. ахоўных тэрыторый; укаранёна канцэпцыя біял. патэнцыялу прадукцыйнасці раслін; высветлена дынаміка прасторава-часавага размеркавання радыеактыўных ізатопаў у прыродна-раслінных комплексах з вылучэннем відаў-індыкатараў радыеактыўнага забруджвання. У ін-це працавалі акад. АН Беларусі А.С.Вечар, Ц.М.Годнеў, М.А.Дарожкін, А.Р.Жэбрак, М.М.Кулагін, В.Ф.Купрэвіч, М.Дз.Несцяровіч, М.П.Тамін, М.В.Турбін, Л.У.Хатылёва, І.Д.Юркевіч, чл.-кар. У.Я.Борматаў, М.М.Ганчарык, С.П.Мельнік, С.А.Самцэвіч, А.А.Шлык, чл.-кар. АН Казахстана П.А.Буланаў, працуюць акад. Нац. АН Беларусі В.І.Парфёнаў (дырэктар з 1973), чл кар М.А.Ламан, У.М.Рашэтнікаў, Б.І.Якушаў, 16 дактароў навук.
У.П.Шуканаў.
т. 7, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)